Logo

Лаўрэат «Бардаўскай восені — 2012» Міхал Бараноўскі і гурт «Нельга Забыць»: Доўгатэрміновы рэцэпт перамогі (2012)

На Беласточчыне ў Польшчы 19-ы раз прайшоў фестываль «Бардаўская восень». Сёлета ў ім традыцыйна ўзялі ўдзел Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, гурты BosaeSonca, Ilo&Friends ды іншыя. Упершыню з фестывальнай сцэны зайгралі гурты Sounduk і HandMade. Але галоўнай падзеяй «Бардаўскай восені — 2012», як і кожны год, стала конкурсная праграма фестывалю, дзе перамог Міхал Бараноўскі з гуртом «Нельга забыць».

— Ужо некалькі гадоў вы ўдзельнічаеце ў конкурснай праграме «Бардаўскай восені», але ўзнагароду атрымалі толькі цяпер. У чым рэцэпт поспеху?

— Хуткага рэцэпту няма. Трэба было роўна столькі і папрацаваць над сабой, над сваёй музыкай, каб нас неяк адзначылі. Відаць, на гэты момант столькі і напрацавалі, каб стаць лаўрэатамі «Бардаўскай восені».

— А як жа такі імгненны поспех, як у пераможцы «Бардаўскай восені — 2011» Паліны Рэспублікі? Яна нідзе не выступала, ніхто яе не ведаў, а пасля перамогі на фэсце стала літаральна зоркай маладой беларускай музыкі.

— Гэта выключэнне, якое толькі пацвярджае правіла. Хаця я думаю, што да гэтай перамогі Паліна шмат працавала, пішучы тэксты, музыку, вучачыся спяваць.

— Наколькі для поспеху было важна, каб «сышліся зоркі»? Бо прэтэндэнтаў на перамогу штогод вельмі шмат і шмат хто з іх варты такой перамогі.

— Сапраўды. У мінулыя гады, калі я прыязджаў на «Бардаўскую восень», у мяне амаль не было сумневу ў тым, хто з удзельнікаў возьме галоўны прыз. І кожны раз, быў тое Яўген Барышнікаў, гурт «Рэлікт», ці Паліна Рэспубліка, пераможцы былі вартыя перамогі. Поспехі мінулых лаўрэатаў я тлумачу тым, што ў кожнага з іх на момант удзелу ў фэсце ўжо была песня, якая магла б прэтэндаваць на ролю хіта. Іншыя канкурсанты таксама вельмі таленавітыя, але, магчыма, на той момант яны проста яшчэ не напісалі сваёй песні.

— То бок у такім немэйнстрымавым кірунку, як аўтарская песня, дзейнічаюць тыя ж прынцыпы поспеху, што і ў поп-музыцы? Выканаўцу робіць хітовая песня?

— Неабавязкова хіт. Але нейкія моманты — тэкст, музыка, выкананне — мусяць сысціся. Гэта мусіць быць моцная, нешараговая рэч.

— Вы перамаглі дзякуючы менавіта такому хіту?

— Мы — якраз не. Мы не рыхтавалі адмысловай песні. У нас трошкі іншая сітуацыя. Гурт «Нельга забыць» за мінулы год вельмі сур’ёзна папрацаваў над двума канцэртнымі праграмамі, і мы проста зайгралі песні адтуль. Прычым калі я свайму акардэаністу, Уладзіміру Пыльчанку сказаў якія песні будзем граць, ён адназначна заявіў мне, што поспеху на конкурсе мець не будзем. Але склалася ўсё інакш.

— Якая была рэакцыя на нечаканую перамогу?

— Спачатку я выпаў у асадак! Але потым зразумеў, што гэтая перамога — завяршэнне пэўнага этапу, пэўная прыступка. Цяпер можна працаваць далей, рабіць новае. Цяпер ёсць адчуванне спустошанасці. Заўжды, калі нечага дасягаеш, аказваешся ў стане своеасаблівай прастрацыі. Быццам з кубка ваду выплюхнулі, і ён яшчэ не напоўніўся. Але гэты стан часовы.

— У якім стане цяпер у Беларусі бардаўская музыка, бард-рок?

— Усё, чым займаюцца гурты кшталту нашага, — гэта адназначна андэграўнд. А калі казаць пра бардаўскую музыку, то ўспрыняцце яе публікай засталося на ўзроўні жартаў пра швэдры і вогнішча.

— У гады з’яўлення Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Касі Камоцкай і іншых зорак беларускай музыкі было вельмі шмат праектаў, альбомаў, кліпаў і г.д. Цяпер жа тэхнічна гэта ўсё зрабіць прасцей, але культуніцкага прадукту, скіраванага на слухача, у маладой беларускай музыцы няшмат. Чаму так?

— Тады быў бум цікавасці да ўсяго беларускага, хваля адраджэння. Слухач тых часоў быў не збалаваны і слухаў запісы, не надта якасна запісаныя, слухачу было важна знайсці сэнс. Цяпер жа большасць маладых беларускіх музыкаў трымаюцца пазіцыі, што калі й пісаць альбом, то рабіць гэта трэба вельмі якасна, а якасныя студыі нятанныя. Таму не так часта выходзяць альбомы ў тых, каму варта было б гэтыя альбомы зрабіць. А сапраўды моцнага музычнага матэрыялу ў Беларусі цяпер вельмі шмат.

— Вяртаючыся да «Бардаўскай восені»… як чалавек, які на фэсце бываў не раз, што можаце сказаць пра яго?

— На жаль, такіх фестываляў у Беларусі няма. Але добра, што ёсць хаця б за межамі краіны. Кожны год узровень фэсту пакідае вельмі прыемныя ўражанні. «Бардаўская восень» — няхай і не надта вялікі фэст, але зроблены сапраўды па-еўрапейску, на еўрапейскім узроўні. Усе арганізатары працуюць проста як гадзіннік і амаль ніякіх збояў не даюць.

— То бок «Бардаўскую восень» можна назваць свайго кшталту ўзорам еўрапейскай Беларусі?

— Так, вельмі трапнае азначэнне. Гэта мадэль фэсту, на які трэба раўняцца і вучыцца, як трэба працаваць. Канечне, не малую ролю грае тое, што «Бардаўская восень» — гэта традыцыя, якой ужо 19 гадоў. Калі б на нашай глебе існавала такая шматгадовая традыцыя, магчыма, сёння мы мелі б нешта падобнае, але такой традыцыі пакуль няма. Другі фактар — гэта, канечне, разуменне, як выкарыстоўваць магчымасці фестывалю. І такое разуменне ў арганізатараў «Бардаўскай восені» ёсць.

— У наступным годзе адбудзецца 20-я «Бардаўская восень». Як вы ўяўляеце сабе юбілейны фэст?

— Шмат пра гэта думаў. Магчыма, камусьці не спадабаецца маё меркаванне, але выкажу яго. «Бардаўская восень», гледзячы па ўсім, імкнецца да папулярнай музыкі. Добра гэта ці не, адназначна сказаць не магу. Мне хацелася б, каб больш увагі надавалася паэтычнаму складніку, а цяпер аддаецца музычнаму. Але галоўнае, што фестываль на дадзены момант ёсць жывым працэсам, які развіваецца, ідзе наперад. Наколькі я ведаю, арганізатары ўжо цяпер думаюць над 20-м фестывалем і абяцаюць шмат сюрпрызаў. Вельмі цікава, як гэта ўсё пройдз,е і вельмі хочацца ўзяць удзел у наступным фэсце.

Алесь Кот-Зайцаў для «Будзьма беларусамі!»

Прэса

Фэстываль Беларускай Бардаўскай ды Аўтарскай Песні:

Кантакт

ШЧЫТЫ – Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры

Шчыты-Дзеньцялова 5

17-106 Орля

e-mail: sonca@sonca.org

NIP: 542-27-51-205

REGON: 050817185

Старшыня Зьвязу

Ігар Лукашук

tel. +48 602 383 927

e-mail: festiwal@vosien.org