Logo

Гурт «Нельга забыць» стаў пераможцам «Бардаўскай восені — 2012» (2012)

Гурт «Нельга забыць» стаў пераможцам «Бардаўскай восені — 2012»

Сёлетняя «Бардаўская восень» была багатая на сюрпрызы. У яе межах гурт Ганны Хітрык Sounduk прадставіў беларускамоўную праграму, Зьміцер Вайцюшкевіч урэшце зайграў колькі песень з будучага альбому зь песень на турэмную тэматыку. Ilo&Friends паказалі трэйлер да фільму «Прастытутка» да праекту «Тузін.Немаўля». А пераможцам конкурснай часткі стаў менскі гурт «Нельга забыць».

Назва гурта «Нельга забыць» нездарма выглядае на літаратурнае запазычаньне. Музыкі прызнаюцца, што назву ўзялі ў Караткевіча — гэта назва раману, які першапачаткова зваўся «Леаніды не вернуцца да зямлі». З музычнага спэктакля на «Леаніды…» і распачаў гурт сваю дзейнасьць у 2009 годзе. Пазьней музыкі перайшлі на ўласны рэпэртуар, зь якога сфармаваўся наступны тэматычны цыкль «Месца моцы». Менавіта ён прынёс перамогу гурту «Нельга забыць» на «Бардаўскай восені — 2012» і цяпер мае шанец быць запісаным у прафэсійнай студыі.

Праўда, даўні сябра фэстывалю Міхал Анемпадыстаў заўважыў, што журы ня мела адзінага меркаваньня наконт пераможцы. Лявон Вольскі бачыў у якасьці лепшых выканаўцаў гурт Dzivasil, але яму давялося застацца пры сваім меркаваньні, бо астатнія сябры журы яго не падтрымалі. Са сцэны абедзьве фармацыі выглядалі добра, аднак стылёва іх аніяк не параўнаеш. Калі «Нельга забыць» прынамсі на фэстывалі паказаў схільнасьць да мэдытатыўнай музыкі, то Dzivasil робіць акцэнт на народныя сьпевы ў аўтарскай аранжыроўцы. Так што нядзіўна, што журы цяжка было прыйсьці да адзінадушнага рашэньня. Былі адзначаныя таксама гурты Dzivasil і Helisa, а ўдзельніца гурта The Perfect Life Сьвятлана Трапук атрымала спэцыяльны прыз ад Радыё Рацыя.

Бельскі гурт Helisa мала асацыяваўся з бардаўскай песьняй, але прымусіў парадавацца, што моладзь Падляшша ўсё яшчэ робіць нешта па-беларуску. Бо хоць «Бардаўская восень» і задумвалася найперш для падляскай беларускай аўдыторыі, мясцовыя каманды заўсёды тут у меншасьці. Сёлета з 13 канкурсантаў толькі два маюць мясцовую прапіску.

Увогуле 19-ы фэстываль «Бардаўская восень» наўрад ці моцна адрозьніваецца ад папярэдніх. Пераважная большасьць выканаўцаў добра знаёмая падляскай публіцы. Сёлета гралі BosaeSonca, Re1ikt, Лявон Вольскі ды Зьміцер Вайцюшкевіч. Пра мясцовы Ilo&Friends і гаварыць няма чаго — салістка Ілона Карпюк на фэстывалі проста свая. Яе гурт быў задзейнічаны на двух важных фэстывальных днях, але з рознай праграмай. У Беластоцкай опэры, дзе праходзіў другі канцэрт, Ilo&Friends ня толькі сыгралі свае найлепшыя творы, але і паказалі трэйлер да праекта парталу Tuzin.fm «Немаўля». Цалкам пабачыць нямое кіно «Прастытутка» і пачуць да яго жывы акампанемэнт у выкананьні згаданага калектыву можна будзе ў Менску 25 лістапада. Таксама вядома, што Ilo&Friends выступяць з экслюзіўным канцэртам у паб-клюбе «Графіці» 24 лістапада.

Бадай, адзіным гуртом-неканкурсантам, які паўдзельнічаў у «Бардаўскай восені» ўпершыню, стаў праект Ганны Хітрык Sounduk. Ганна настолькі завяла залу, што адпускаць яе ніхто не зьбіраўся нават пасьля адмазкі «ў нас закончыліся беларускамоўныя песьні». Прыйшлося другі раз выконваць дзіцячую песьню «Чаму?» на словы Андрэя Хадановіча. Словы «чаму такая трындзючая ў навінах вядучая?» проста даводзілі абазнаную ў беларускіх рэаліях публіку да экстазу.

Што да іншых цікавостак сёлетняй «Бардаўскай восені», адзначым, што Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў адразу два новыя праекты — песьні на вершы Рафала Ваячака і песьні на турэмную тэматыку. Пра апошні праект сьпявак гаворыць, што сам пакуль ня ведае, як яго сустрэнуць. Супольна з Генадзем Бураўкіным яны мелі на мэце стварыць хоць якую-небудзь альтэрнатыву расескамоўнаму шансону і прыцягнуць да беларускай музыкі новую аўдыторыю.

Як толькі скончыўся фэст, арганізатары са Зьвязу беларускай моладзі пачалі думаць пра наступны, які будзе ўжо 20-м па ліку. Трэба думаць, што сюрпрызаў на юбілейнай «Бардаўскай восені» будзе яшчэ болей.

Іна Хоміч, «Тузін Гітоў», 29 кастрычніка 2012 г.

Прэса

Фэстываль Беларускай Бардаўскай ды Аўтарскай Песні:

Кантакт

ШЧЫТЫ – Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры

Шчыты-Дзеньцялова 5

17-106 Орля

e-mail: sonca@sonca.org

NIP: 542-27-51-205

REGON: 050817185

Старшыня Зьвязу

Ігар Лукашук

tel. +48 602 383 927

e-mail: festiwal@vosien.org