Logo

Цаглінка на лепшы фестываль (2010)

— У таямніцы скажу, што хацелі ў гэтым годзе наладзіць адзін з канцэртаў у Шчытах, — сказаў Міхась Сцепанюк, старшыня Звязу беларускай моладзі, арганізатар XVII Фестывалю „Бардаўская восень”, — але, як відаць па праграме, яшчэ год трэба пачакаць.

„Co się odwlecze to nie uciecze” — гаворыць польская прымаўка і, здаецца, рацыя ў тым, каб не спяшацца, толькі паказаць усе арганізатарскія таленты ў адпаведні момант. Таму сёлета „Бардаўская восень”, хаця як заўсёды вабіла кранальнай праграмай, ахвяравала цудоўны настрой і зацікаўленне публікі да прэзентаванай музыкі, магла падацца такой пераходнай, на крок да... Звяз беларускай моладзі ўсе свае сілы аддае зараз Цэнтру адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах, таму сёлетнім „Бардам” бракавала адчування стабільнасці і ўпэўненасці. Але я ўпэўнена, што якраз дзякуючы семнаццатаму выпуску праз год, калі фестываль стане дарослым, напэўна набудзе новы характар ды пры дапамозе публікі, якая ахвотна набывала дабрачынныя цаглінкі на цэнтр у Шчытах, гукі „Бардаўскай восені” паплывуць з новай якасцю. Але! Усё гэта не абазначае, што сёлетні фестываль быў слабейшы за папярэднія. Хто паяўляўся на канцэртах ці слухаў трансляцыі на Радыё Рацыя ведае, што ўражанні можна мець ад фестывалю адны і тыя ж самыя. Мёд на сэрца!

У „Бардаўскай восені” заўсёды мяне захапляе атмасфера, якая існуе на зусім розных узроўнях, асабліва сярод канкурсантаў. Калі сядзіш на канцэртах у Бельскім доме культуры і захапляешся цудоўнымі песнямі, часам нябачна і пазяхаеш, не ўяўляеш сабе, што дзесьці ў іншых памяшканнях варыцца кроў у другім кровазвароце. Хвалююцца тыя, якія чакаюць свайго выступу, а глыбока дыхаюць тыя, якія сцэну ўжо паспелі наведаць. У гэтым годзе атмасфера конкурсу была ўвогуле асаблівая. Не толькі па прычыне высокай якасці выканаўцаў, але перш за ўсё таму, што двух на трох сяброў журы ацэньвала выканаўцаў на аснове таго, што пачулі па радыё. Узровень эмоцый напэўна павысіўся таксама канкурсантам з гурту „Скрыжалі”, якія былі пасажырамі машыны журы і таксама не паспявалі ў БельскПадляшскі. У напружанасці сітуацыі арганізатары вырашыліся са зменамі і пакуль пачаўся конкурс, ужо паспелі выступіць адны з зорак, гурт „Re1ikt”, мінулагодні лаўрэат Гранпры фестывалю. Эмоцыі раслі па ўсіх баках сцэны, але нягледзячы на гэта, у гардэробе поўныя нерваў маладыя барды свой стрэс перакавалі ў прыемнасць. Большасць конкурсных салістаў аказалася фалькларыстамі ці этнографамі, таму спалучылі свае сілы і спявалі народныя, беларускія песні. Спявалі так і ў пятніцу, і ў суботу, але ж конкурс мусіў вырашыцца. Найбольш паспяховым стаў для маладога этнографа родам са Слоніма. Яўген Барышнікаў захапіў шчырым перажываннем, добрай музычный падрыхтоўкай і напэўна сваёй кранальнай песняй пра Дзяды. Лаўрэат атрымаў гітару і грашовы прыз. Фінансава таксама сваю сітуацыю палепшылі два беларускія гурты, якія безумоўна выклікалі перш за ўсё ў публікі пазітыўны настрой. Першым быў „Інфрачырвоны выдых”, другім — наваполацкая „Індра”. Журы пароўну падзяліла між іх узнагароды Бельскай беларускай суполкі і Звязу беларускай моладзі. Сапраўды — гэта справядлівы падзел, бо тут якраз паміж эксперыментальным падыходам да бардаўскай творчасці ў выкананні хлопцаў з гурту „Інфрачырвоны выдых”, а традыцыйным, але шчырым і захапляльным выступам „Індры” свабодна можна паставіць знак роўнасці.

Хаця ў конкурсе падляшскіх выканаўцаў заўсёды нашмат менш, то журы ніколі іх сваёй увагай не абмінае. Тут напэўна выбар лягчэйшы, бо наогул няма іх больш за двух. Так сталася і сёлета. Пётр Петручук і гурт „Бетон” гэта зусім іншыя вагавыя катэгорыі, перш за ўсё ў музычным плане, таму напэўна ўзнагарода бельскага старасты павандравала ў рукі „Бетону”. За ахвоту і музычнае ўяўленне віншую „Бетон”! Непакоіць аднак факт, што ніхто не пракаментаваў выступу мясцовых беларусаў у кантэксце мовы выканання. Разумею, што мы ўзаемна сябе не крытыкуем, бо нас мала, бо зараз хтосьці можа адкіне мову або перастане вучыцца і г.д., але ж бардаўскі конкурс гэта змаганне за прызнанне лепшага ў галіне прыгажосці не толькі музыкі, але перш за ўсё слова. Ігнараванне гэтага павінна выклікаць сорам, а не гонар. Уражанні ад конкурсу засталіся ўсё ж такі пазітыўныя, бо, цытуючы Міхала Анемпадыстава, сябра журы, „яго ўзровень зноў павысіўся”.

Заўсёды шмат хочацца расказаць пра паасобныя выступы, бо ў іх свая гісторыя, але варта ўспомніць „Босае сонца”, якое памяняла свой музычны выгляд, узмацніла гучанне, хаця, паводле ацэнкі тых, якія бачылі абодва сёлетнія выступы ў Бельску і Гайнаўцы, усё ж такі больш прыемна слухалася ў Гайнаўцы, калі было больш лірыкі папярэдняга складу — менш інструментальнай энергетыкі, а больш далікатных гукаў гітары і голасу Алеся Зайцава. Сваёй публікі не падвёў таксама Зміцер Вайцюшкевіч і „WZ Orkiestra”, хаця на гэты раз без скрыпкі, то з адданасцю і вернасцю сваёй стылістыцы. Не быў гэта можа самы лепшы выступ гэтага гурту, затое выдатна паказаў на што ставілі націск сёлетнія выступоўцы. Прозвішча Уладзіміра Караткевіча, якому сёлета споўнілася б 80 гадоў, вярталася на сцэну як бумеранг, а Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў амаль поўную праграму на яго словы. Аднак зачараваў публіку вялікім зорным сэрцам, якім пусціў вока да свайго сябра, паэта Уладзіміра Някляева.

Свой моцны акцэнт паставілі сёлета таксама выканаўцы з Падляшша. Фестываль адкрыў Тамаш Суліма сваімі новымі эксперыментальнымі па гучанні творамі. Высокую ацэнку паставіла таксама публіка беластоцкаму „Ilo&friends”. Вельмі цешыць, што гэты выступ віншавалі такія бардаўскія зоркі як Таццяна Беланогая ці Лявон Вольскі. А фестывальную рэпрэзентацыю беларусаў Падляшша ўзмоцніў яшчэ канцэрт паэзіі праекта „Бераг”. Надзея Артымовіч і Алег Кабзар супольна з сябрамі прэзентавалі тое, што іх спалучыла на вечнасць: любоў да музыкі і паэзіі. Мы ўжо прывыклі да песень Алега Кабзара на словы Надзеі Артымовіч, але поўны выраз знайшло гэта якраз сёлета, супольна з чытаннямі паэтэсы, на сцэнах Беластоцкага лялечнага тэатра і Бельскага дома культуры, у які будзем паломнічаць ужо праз год.

Так важная для правядзення сёлетняга конкурсу трансляцыя фестывалю „Бардаўская восень” у прамым эфіры Радыё Рацыя магла здзейсніцца дзякуючы фірме Multimedia Polska S.A.

Ілона КАРПЮК, Ніва № 44 (2842), 31 кастрычніка 2010 г.

Прэса

Фэстываль Беларускай Бардаўскай ды Аўтарскай Песні:

Кантакт

ШЧЫТЫ – Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры

Шчыты-Дзеньцялова 5

17-106 Орля

e-mail: sonca@sonca.org

NIP: 542-27-51-205

REGON: 050817185

Старшыня Зьвязу

Ігар Лукашук

tel. +48 602 383 927

e-mail: festiwal@vosien.org